На фолк-фэст «Камяніца» прыедзе «Іван Купала»

30.08.2012
Адмысловым госцем фолк-фестывалю «Камяніца», які адбудзецца 15 верасня пад Мінскам, будзе расійскі гурт «Іван Купала». На галоўнай сцэне таксама выступяць беларускія калектывы «Ліцвіны», «Юр’я», «Крамбамбуля», FolkRoll і Наста Някрасава.
Гурт «Іван Купала» з хітамі «Кострома» і «Коляда» пры канцы 90-х здзейсніў сапраўдную рэвалюцыю на постсавецкай музычнай сцэне, спалучыўшы электронныя аранжыраванні і карнявы фальклор. Але і пасля гэтага калектыў не стаяў на месцы — гэтым летам выйшаў трэці студыйны альбом «Купалы» пад назвай «Родина».
— У сваёй творчасці мы шмат выкарыстоўваем беларускія народныя песні — менавіта з іх большай часткай складаўся наш другі альбом «Радио Награ» (2002), таму запрашэнне з Мінска нас вельмі цешыць, — распавёў кіраўнік гурта Аляксей Румянцаў. — Новы альбом атрымаўся беларуска-ўкраінскім — мы працавалі з песнямі Палесся, у чым нам вельмі дапамагла вядомая фалькларыстка Зінаіда Мажэйка, якая жыве ў Мінску.
Фестываль у гэтым годзе будзе праходзіць з 12 да 21 гадзіны. На ім упершыню будзе працаваць сцэна аматарскіх калектываў. Гледачоў чакаюць традыцыйныя рамёствы, сярэднявечныя забавы, дэфіле і конкурс нацыянальных строяў, выставы фатографаў і мастакоў. Калі вы жадаеце ўзяць удзел у любым з гэтых напрамкаў, пішыце на адрас kamianicafest@gmail.com.
Месца правядзення — Музей народнай архітэктуры і побыту з пасёлку Азярцо (5 км за аўтарынак «Малінаўка»), дзе сярод маляўнічых лугоў можна пабачыць сабраныя з усёй Беларусі драўляныя дамы і іншыя пабудовы 18-20 стагоддзяў. Усе грошы за ўваход атрымлівае музей, што дапамагае яму захоўваць экспанаты. Фестываль адбудзецца пры падтрымцы ААТ «Банк БелВЭБ».

Кошт квітка для дарослых складае 25 тыс. руб., для школьнікаў — 12,5 тыс. руб., для дашкольнікаў і гледачоў у нацыянальных строях — вольны.
Даведка: (033) 673-83-97.