Любчанскi замак

11.03.2013

Любча

Любчанскі замак з поўным правам можна назваць унікальным. Пабудаваны на мяжы готыкі і рэнэсансу, ён увабраў у сябе рысы абодвух гэтых архітэктурных стыляў. Для Беларусі, дзе захавалася вобмаль помнікаў готыкі, гэта вельмі каштоўны прыклад.

Любчанскі замак, у адрозненне ад усіх астатніх замкаў Беларусі, амаль не перабудоўваўся. І па ацалелых дзьвюх вежах можна скласці досыць слушнае ўяўленне пра тое, як выглядаў замак ад пачатку свайго будаўніцтва ў канцы XVI ст. А заадно акінуць вокам жывую карціну развіцця замка — ад XVI да XXІ стст. — дзякуючы розначасовым пабудовам, якія да сёння захаваліся на замчышчы, і тыя часткам замка, якія аднаўляюцца ўжо ў ХХІ ст. Самым старым зь іх – двум вежам XVI ст зноў вяртаецца былая веліч і сымбаль гісторыі замка – адноўлены флюгер з надпісам 1581 – годам паўстання замка. Апрача вежаў на замчышчы захаваліся афіцына канца ХІХ ст і палац — пачатку ХХ, які хавае пад сабой скляпенні самага першага палаца (XVI ст) ў Любчанскім замку.

Любча

Любчанскі замак вельмі выгодны размешчаны: ён узвышаецца па-над самым Нёмнам. І хоць сёння замест пад’ёмнага мосту да замка вядзе насып, ірвы вакол Любчанскага замка па-ранейшаму глыбокія і дазваляюць з лёгкасцю ўявіць, у якую непрыступную цвярдыню ператвараўся замак, калі вакол яго пускалі воды Нёмана.

Некалі з боку мястэчка Любчанскі замак, як некалі Геранёнскі, прыкрываў дадатковы шчыт — пратэстанцкі храм, які быў у XVI ст. пабудаваны зусім побач з замкам, і апроч духоўнага меў яшчэ і абарончае значэнне. Можа менавіта таму замку ўдалося вытрымаць некалькі аблогаў казакаў. Сведкам слаўнага мінулага Любчы былі каштоўныя экспанаты Радзівілаўскай Кунсткамэры ў Любчы — аднаго з першых музеяў Беларусі, дзе захоўвалася шабля Івана Жахлівага і татарскіх ханаў, які спрабавалі узяць Любчу, але няўдала.

Любча

Асаблівую цікавасць надавала замку незвычайная каляровая гама — патынкаваныя ў белы колер вежы з чорнымі «графіто» — цёмнымі роспісамі вакол байніц, вокнаў і брамаў замка. Чорна-белы кантраст яшчэ больш падкрэслівалі элементы пабудоваў — ганкі, галерэя на супрацьлеглым ад Нёмана муры і прыбудова да кутняй вежы, выкананыя ў тэхніцы «фахверк», вядомай нам найчасцей па нямецкім і швэйцарскім краявідам, — чорныя драўляныя крыжы на белым цагляным тле сцені. І хоць рэшткі фахверка на замку не захаваліся, але яго ўзнаўленне, паводле гістарычных крыніцаў, можа зрабіцца магчымым у самы бліжэйшы час.

Калі Вы дапаможаце замку. Бо Любчанскі замак — адзіны на Беларусі замак, які ўзнаўляецца грамадзкімі сіламі, не па загаду зверху, а з прыватнай ініцыятывы аднаго чалавека, да якога далучыліся і далучаюцца валанцёры з усёй краіны.
Аднаўленне замка ператварылася ў школу рэстаўрацыі, гісторыі, і проста ў школу жыцця для многіх добраахвотных памочнікаў, якія збіраюцца на Любчанскім замку пад эгідай мясцовага дабрачыннага фонду «Любчанскі замак». Дзякуючы бескарыслівай працы прафэсараў і студэнтаў распрацоўваюцца праекты аднаўлення замка. На ахвяраванні розных арганізацый і прыватных асоб гэтыя праекты забяспечваюцца неабходнымі матэрыяламі. А высілкамі валанцёраў на замку адбываюцца будаўнічыя працы — аднаўленне замка ператвараецца ў жыццё.

Больш падрабязней пра гісторыі і рэстаўрацыю замка вы можаце паглядзець на сайце lubcza.by

_______________________________________________________________________________________

Зварот дырэктара фонду «Любчанскі замак» з просьбай аб дапамозе ў зборы сродкаў для правядзення рэстаўрацыйных работ.

З 2003 года Дабрачынны фонд “Любчанскі замак” намаганнямі энтузіястаў г.п. Любча, прафесарска-выкладчыцкага калектыву і студэнтаў БНТУ, ажыццявіў распрацоўку праектнай дакументацыі правядзення рэстаўрацыйных працаў на Любчанскім замку – старажытнабеларускага помніка абарончага дойлідства, які, як вядома з летапісаў, узнік нашмат раней, чым знакаміты Мірскі замак.

Мы змаглі здзейсніць агульную кансервацыю замка і накрыць дахоўкай Кутнюю вежу, якая знаходзілася ў крытычным стане. У 2005 г. былі адрамантаваны згніўшая сістэма крокваў і дах другой, Брамнай вежы, якая зацякала і разбуралася. Гэтыя мерапрыемствы дазволілі выратаваць замак ад канчатковага разбурэння і зрабіць яго рэстаўрацыю незваротнай (палац і флігель зараз знаходзяцца ў здавальняючым стане).

На 2011 год больш за 1 052 чалавекі добраахвотна і задарма адпрацавалі на замку больш за 8 452 працадні. З пачатку дзейнасці ў 2003 г. фонд “Любчанскі замак” атрымаў дабрачынную фінансавую дапамогу на суму 201 431 000 руб., дапамогу будаўнічымі матэрыяламі на суму 305 612 000 руб. Разам з гэтым, выкананыя працы былі ацэненыя на суму, што ў некалькі разоў перавышае ўсе грашовыя паступленні – 1 259 762 000 руб. Усе навуковыя, даследчыя, праектныя, мантажныя і іншыя работы і іх экспертызы праводзіліся выключна на бескарыслівай аснове, уключна з працамі навуковага кіраўніка, кіраўніцтва і валанцёраў фонду.

Мы займаемся Любчанскім замкам таму, што акрамя Мірскага, Нясвіжскага, Лідскага замкаў з іх праблемамі, астатнія помнікі абарончай архітэктуры нашай Беларусі знаходзяцца ў вельмі бядотным стане. Любчанскі замак выратаваць рэальна. Менавіта такім чынам – усім светам, талакою, літоўцы аднавілі Тракайскі, а палякі Вавельскі замак у Кракаве. Мы верым – у нас таксама будзе замак, адноўлены энтузіястамі. Магчыма, нашым досведам скарыстаюцца іншыя неабыякавыя людзі і зоймуцца аднаўленнем яшчэ канчаткова не страчаных Гальшанскага і Крэўскага замкаў.

Любчанскі замак аднаўляецца пераважна рукамі моладзі. Яны прыязджаюць у Любчу аўтобусамі, аўтаспынам, дабраахвотна дапамагаюць нам і просяць не спыняцца на дасягнутым.

Наш разліковы рахунак у аддзяленні ААТ «Белаграпрамбанк» г. Навагрудак

№ 3015205550012, код банка 449, УНН 590257564.

Мы верым, што Вы падтрымаеце нашу грамадзянскую ініцыятыву!

Дырэктар Дабрачыннага фонду «Любчанскі замак» І. А. Пячынскі