«Доўгі шлях да ўзнагароды»

25.04.2013

Юрий Жигамонт Вядучага самай культурнай з гістарычных тэлепраграм «Прыгоды дылетанта» Юрыя Жыгамонта ўзнагародзілі нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі».

Напэўна, складана знайсці гледача, які б не меў уяўлення аб гэтай тэлепраграме. Ужо шмат гадоў «дылетант» ва ўсіх на ўвазе і на слыху.

Вядучы праграмы адпраўляецца ў падарожжа па родным краі, каб даведацца пра гісторыю мястэчак і гарадоў, раскрыць таямніцы мінулага і пачуць неверагодныя падрабязнасці лёсаў таленавітых і знакамітых людзей нашай краіны. Акрамя сваёй гісторыі, кожнае мястэчка мае і сваю «візітную картку». Часам гэта незвычайная легенда або помнік архітэктуры. А здараецца і так, што менавіта ў гэтым месцы адбылася падзея, якая паўплывала не толькі на лёсы яго жыхароў, але і на сусветную гісторыю.

Нехта з гледачоў запамінае гістарычныя факты, а камусьці блізкія душэўныя апавяданні пра вёсачкі і мястэчкі, але кожны ведае каларытнага вядучага, а галоўнае – душу праекта – Юрыя Жыгамонта. Дзякуючы неацэннай падтрымцы тэлеканала «Сталічнае тэлебачанне», гледачы ўжо шмат гадоў могуць «падарожнiчаць» па прасторах нашай краіны.

Вядучы заўсёды шчодра дзеліцца з гледачамі сваімі адкрыццямі, выклікаючы тым самым жывую цікавасць да нашай краіны і яе багатай гістарычнай спадчыны. Асобны гонар праграмы – беларуская мова, якая гучыць з вуснаў вядучага. У праграмме мова – не проста інфармацыйны носьбіт, а ўдзельнік, мастацкі персанаж, якi гарманічна ўплятаецца ў матэрыялы сюжэту.